Міні-музей «Беларуская хатка»

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення пачынаецца з дзіцячага сада. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне – адзін з найважнейшых напрамкаў  работы нашай установы адукацыі.

З кожным днём мы на крок аддаляемся ад нашага мінулага, далёкага і, на жаль, ад нашых спрадвечных традыцый. А тым часам традыцыя – гэта апора для нас сённяшніх, гэта нашы нацыянальныя карані, ведаць якія – значыць усвядоміць сваё месца ў ассяроддзі людзей, пазнаць сябе.

З гэтай мэтай у дашкольнай установе абсталяваны міні-музей «Беларуская хатка», зроблен музей у куфары «Беларуская хатка», праз якія далучаем выхаванцаў да гістарычнай і культурнай спадчыны, малой Радзімы.

Міні-музей «Беларуская хатка» садзейнічае пашырэнню ведаў аб навакольным свеце і аб самім сабе як прадстаўніку беларускай нацыі.

Тут дзеці імкнуцца не толькі ўбачыць прадметы побыту, прылады працы, але і дакрануцца да іх: пакалыхаць калыску, пасядзець на лаве, памацаць розныя старадаўнія рэчы рукамі. Фізічны і эмацыянальны кантакт з прадметам (яго фактура, вага, пах, смак, памер, спецыфічныя рысы) больш, чым словы, бо ён дае ўяўленне аб асаблівасцях матэрыялаў, аб іх падабенстве і адрозненні, аб спосабах асваення.
Міні-музей валодае ўнікальным патэнцыялам сацыяльна-выхаваўчай работы з дзецьмі, дапамагае малышам зразумець мову рэчаў, спасцігнуць іх культурнае значэнне і рукатворнасць, становіцца незаменным памочнікам у вывучэнні культуры свайго народа.
Музей у куфары «Беларуская хатка» – гэта своеасаблівы экскурс у гістарычнае мінулае. Ён знаеміць з укладам сямейнага жыцця беларусаў мінулых стагоддзяў, сямейнымі адносінамі і традыцыямі, рэчамі і прыладамі, якімі карысталіся нашы продкі. Такі музей мабільны і лёгка трансфармуецца, яго можна перамяшчаць, што эканоміць прастору.
Музей у куфары «Беларуская хатка» ўяўляе сабой інтэр’ер сялянскай хаты канца XIX–пачатку XX стагоддзя. Усё тут проста і мэтазгодна, падпарадкавана той жыццёвай мудрасці, якая выпрацоўвалася стагоддзямі. Хата з яе гаспадарчымі рэчамі, прадметамі хатняга ўжытку, упрыгожаннямі дапамагае зразумець
вясковых людзей.

Свае хаты беларусы будавалі толькі з дрэва. Шчаслівымі для будаўніцтва хаты лічыліся мясціны, дзе любілі сяліцца павукі, шэршні, пчолы, мурашкі. Хату рабілі самі. Калі не ставала сіл, на яе будаўніцтва клікалі талаку, дапамогу.

Цэнтральнае месца ў хаце займала вялікая печ. Яна грэла і карміла, лячыла ад прастуды, расказвала казкі маміным голасам і ціха закалыхвала на чарэні. Звычайна печ мясцілася ў бліжнім ад увахода куце, вусцем-чалеснікамі да надворнай сцяны з вокнамі. Усярэдзіне печ мела под, на якім палілі дровы і гатавалі гарачыя стравы, пяклі хлеб. На печы спалі, сушылі адзенне, збожжа, грыбы.

У хаце было чатыры куты, але толькі адзін з іх лічыўся галоўным. Яго называлі чырвоным. У гэтым куце віселі абразы з прыгожымі саматканымі ручнікамі.

У побыце беларусаў ручнікі займалі асаблівае месца. Ручнік суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці: на яго прымалі немаўлятка, без яго не абыходзіліся самыя важныя этапы чалавечага жыцця (хрэсьбіны, вяселле, адпяванне). Ручнікі не толькі ткалі, але і аздаблялі прыгожай вышыўкай. Узоры на ручніках зашыфраваная гісторыя пра жыццё народа і яго працу, пра шчасце і каханне, мары і спадзяванні.

На пакуці ўзвышаўся вялікі драўляны стол – шырокая гарызантальная дошка на чатырох высокіх ножках, за якім кожны дзень, у будні і святы, збіраліся сямейнікі разам, гуртаваліся бацькі і дзеці.

Уздоўж светлых, з вокнамі, сцен хаты стаялі лавы – доўгія, шырокія, на падпорах-ножках. Калі сям’я была вялікая і не хапала ложкаў, слаліся спаць на лавах.

Ложкі ў хаце ставілі каля глухой сцяны, далей ад вокнаў і дзвярэй, каб цяплей было спаць даждлівай восенню і марознай зімою. Зверху на дашчаны насціл клалі сеннік – матрац, набіты сенам ці саломаю, і пасцель – пярыну, коўдру, падушкі. Коўдры ткалі на кроснах, і на іх, калярова-ўзорыстых, прыгожа глядзеліся белыя горкі падушак.

   

Дзіцячы ложак – калыску – рабілі на ножках, падбітых паўкруглымі брускамі. Маці ставіла такую калыску каля свайго ложка і, калі дзіця ўночыпрачыналася, ціха калыхала, не ўстаючы з пасцелі. Глядзела, каб на мілы тварык не падала месячнае святло, бо верыла ў прыкмету: падсвеціць месяц – дзіця доўга не будзе спаць.  

У адным з кутоў хаты стаяў куфар са святочнай адзежай, вышаванымі абрусамі, ручнікамі і сціплымі жаночымі ўпрыгожаннямі.Рабілі куфры з дошак, на кароткіхпадстаўках-ножках. Па баках мацаваліся ручкі, каб лягчэй было пераносіць куфар з месца на месца.

Сталярную працу выконвалі мужчыны, а жанчыны фарбавалі і распісывалі куфры. На сценках і на веку ярка расцвіталі кветкі, зелянелі галінкі, залаціліся жытнія каласы, сінеў лён. У раслінны свет нярэдка заляталі буслы, ластаўкі, сінічкі. Усё гэта прыгожа глядзелася ў рамках квадратаў і прамавугольнікаў.

Быў час, калі кожная гаспадыня ў вёсцы ўмела прасці. Папрадухамі былі ўсе: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку.

Калаўрот – драўляная прылада для прадзення. Складаецца ён з вялікага драўлянага кола, педалі-понажа і прадзільнага апарата. Педаль прыводзіць у рух кола, а яно прымушае працаваць прадзільны апарат. З прасніцы, прымацаванай да калаўрота, цягнуцца ваўняныя ці кужэльныя валаконцы, скручваюцца ў нітку і намотваюцца на шпулю.

Глiняны посуд i сённякарыстаецца попытам. Прыгожаглядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых продкаўглiняныя вырабы  былi на любы густ, для розных патрэб: гаршкі – для гатавання і захоўвання ежы, збанкі – для малака і смятаны, сталовы посуд – міскі, хлебніцы, кубкі. Гліняны посуд спачатку выраблялі рукамі, пазней з’явілася ганчарнае кола. Цікава было назіраць за работай ганчара. Вось ён бярэ камяк гліны, мацуе яго на верхнім дыску ганчарнага кола, нагой моцна раскручвае ніжні вялікі дыск-махавік. Дакранаецца пальцамі да камяка – і ён набывае абрысы пасудзіны. Добраму ганчару, каб «выкруціць» збанок ці гаршчочак, патрэбна 5-10 хвілін. Затым майстар здымае выраб з круга і ставіць на прасушку, а потым ў ганчарную печ. Там разводзіцца моцны агонь, у якім вырабы напальваюцца амаль да бяла. Пасля абпалу яны становяцца моцнымі і не размакаюць ад вады.

Акрамя посуду, рабілі нашы продкі і гліняныя цацкі, сярод якіх значнае месца займалі свістулькі ў выглядзе звяроў, птушак і фігурак людзей. Лічылася, што іх свіст адганяе нячыстую сілу.

 
  

Шанаваўся ў свой час і драўляны посуд. Трэба ж было ў нечым захоўваць збожжа, агародніну і садавіну, лясныя дары. І попыт на драўляныя вырабы быў вялікі.

Мочаныя яблыкі, салёныя агуркі, квашаная капуста, грыбы, хлебны квас, бярозавік добра захоўваліся ў дубовай кадушцы.

З дрэва выраблялі лыжкі – круглыя ці авальныя чарпачкі з ручкаю, якія выразалі з асіны, бярозы, клёну, грушы. Чым цвярдзейшае было дрэва, тым даўжэй служыла лыжка. З цягам часу, праўда, любы чарпачок з аднаго боку сточваўся, з’ядаўся. І лыжка замянялася новай.

Пляценне з лазы   адзін са старажытнейшых заняткаў чалавека. У многіх беларускіх вёсках налічваліся сотні пляцельшчыкаў, якія плялі з лазы кош – паўкруглую пасудзіну-пляцёнку для гаспадарчага ўжытку. У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, вялікіх і малых. Без іх, лёгкіх і зручных, не абыходзіліся ні дарослыя, ні дзеці. Яны і сёння дапамагаюць нам збіраць ураджай – бульбу, буракі і моркву, яблыкі і грушы. І ў лес ходзяць, калі год багаты на грыбы.
 

Музей у куфары з’яўляецца адной з любімых форм заняткаў. Выхаванцы з нецярпеннем чакаюць, калі ж адчыняць куфар, каб убачыць, якія цікавыя рэчы ім падрыхтавалі выхавальнікі сада, каб здагадацца, пра што пойдзе размова на занятках.

 

 

свернуть